ТВОРЧАЯ ПРЭЗЭНТАЦЫЯ
25 лютага 2009 года ў Мінску адбылася амаль невядомая для горада справа.
У рэстаране Бастыён прайшла творчая прэзентацыя гурта "РАДА". Прэзентацыя не мела аніякай публічнай рэкламы.
Удзельнікі гурта вырашылі сабраць сваіх сяброў. Сыграць для іх – галоўная мэта. Насуперак перажыванням адгукнуліся больш за 80 чалавек.
Гэта была крытычная мяжа напаўняльнасці невялікага рэстарана.
Мы амаль нічога не казалі аб сабе, стараліся больш граць і спяваць,
бо гэта і ёсць расповяд. Нашымі памочнікамі была падрыхтавана мультымедыйная прэзэнтацыя дзейнасці гурта: фотаздымкі даўніх музыкаў, спевакоў, фотаматэрыялы з нашых экспедыцый і выступленняў.
Гучалі спевы з Палесся і Белавежскай пушчы, музыка Віленшчыны і дудовыя найгрышы з Паазер'я, а потым былі традыцыйныя танцы.
Запомнілася ўсім Бранская полька, якая гралася на тры скрыпкі,
парныя дудкі і бубен, дзе з намі гралі нашыя дзеці - Дануся Грынь (11 год) і Валодзя Жукоўскі (8 год). Кухары рэстарана на гэты вечар падрыхтавалі самыя традыцыйныя беларускія стравы, а ў падарунак
ад гурта кожны пакаштаваў саматужнай гарэлкі з Лагойшчыны. Усё адбылося выдатна, рэстаран зачыніўся на 2 гадзіны пазней за графік.
Людзі не хацелі разыходзіцца.
Дзякуй, дарагія сябры, за вашыя цёплыя словы і пажаданні, за тое, што вы ёсць, за тое, што вы розныя па прафесійнай і сацыяльнай занятасці, але ўсіх нас яднае шчырая любоў да нашай культуры, да нашай Айчыны!
|