ПІЛОТНЫ ФЕСТЫВАЛЬ ТРАДЫЦЫЙНАЙ КУЛЬТУРЫ ЧАРНОБЫЛЬШЧЫНЫ “КВЕТКА ПАЛЫН”
03 мая 2009 года
Мінск, Пр-т Газеты Праўды, 11
пры падтрымцы Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра ІВВ
Сусветнае, культуралагічнае ўсведамленне Чарнобыльскай трагедыі ёсць галоўны СЭНС і МЭТА фестывалю
Праз падтрымку і адраджэнне рэгіянальнай народнай традыцыі Чарнобыльшчыны дапамагчы дзецям з забруджаных тэрыторый – спосаб дасягнення мэты фестывалю.
Праграма фестывалю:
- 11.00 – адкрыццё фестывалю фотавыставамі Усходняга Палесся
- Прэзентацыя праекту фестываля “Кветка Палын” 2010 (планы і мэты, прапановы да супрацоўніцтва)
- 12.00 – 16.00 – навуковая канферэнцыя “Праблемы захавання народнай культуры Усходнега Палесся пасля Чарнобыльскай катастрофы.
Медыяпрэзентацыя этнаграфічных экспедыцый
- 16.30 - 19.30 – фольк канцэрт спеву і музыкі Усходняга Палесся ў выкананні фолькгуртоў Беларусі і Украіны. Прэзентацыя народнай спеўнай і музычнай традыцыі рэгіёну.
Анатацыя
Многа гаворыцца аб трагедыі Чарнобыля. Безумоўна гэта самая маштабная тэхнагенная катастрофа ХХ стагоддзя. Гэта бяда не толькі трох суседніх краін – Беларусі, Украіны, Расіі, гэта бяда ўсёй Еўропы. Радыяцыйнае забруджанне тэрыторый стала моцным ударам па сельскаай гаспадарцы, па эканоміцы пацярпелых краінаў. Экалагічная катастрофа паўплывала на стан і змены прыроды рэгіёна на многія дзесяцігоддзі… Жахліва адгукнулася чарнобыльская катастрофа на фізічным здароўі народаў… Але і гэта не ўсё!
Усходняе Палессе заставалася ўнікальным асяродкам рэгіянальнай культуры, дзе захоўваліся спрадвечныя традыцыі народнага спеву, музыкі, танца, пабытовай культуры. Не сакрэт, што ад 19 стагоддзя, а асабліва пачынаючы з 60-х гадоў 20 ст гэтыя памежныя землі трох рэспублік CCCP сталі, свайго роду, Прошчай (месцам пакланення) самых знакамітых этнографаў-славяністаў СССР, Польшчы, Чэхіі, Сербіі. Унікальнасць захаванасці і амаль некранутасці ў народзе Традыцыі, насуперак татальнаму тэхнічнаму прагрэсу, прыцягвала навукоўцаў штогод ...
Выбух. Гэта падзея на карню знішчыла фізічным спосабам некранутую тысячыгоддзямі рэгіянальную культуру. Людзей, якія жылі моцна перавязаныя між сабой традыцыйным культурным ладам разарвалі і раскідалі па свету. Ім давалі ўзамен на палесскія хаты сучасныя дамы і катэджы, іх лячылі ў сучасных медыцынскіх установах.. Лячылі цела, але не душу. Гэта факт, лад і традыцыя, якая была калісці ўжо НІКОЛІ не вернецца такой на забруджаныя землі.
Славянская Атлантыда знікла назаўсёды. Цяпер застаецца змагацца за жыццё і здароўе маладых людзей, якім яшчэ трэба жыць! Але трэба памятаць і тую агромістую культурную спадчыну, якую пакінулі за сабой жыхары Усходняга Палесся, гэта праўдзівы скарб нацыянальнай культуры сучаснай Беларусі, Украіны і Расіі, усёй Еўропы…
ТЫП ПІЛОТНАГА ФЕСТЫВАЛЮ – карпаратыўны, па папярэдней заяўцы.
Да ўдзелу ў фестывалі запрашаюцца прыватныя асобы, грамадскія і дзяржаўныя арганізацыі, бізнэс, фондавыя структуры – усе каму цікава падтрымка народнай традыцыі і жаданне дапамагчы ахвярам Чарнобыльскай катастрофы. За падрабязнай інфармацыяй і ўмовах удзелу - звяртацца да арганізатара.
Кіраўнік праекту – Васіль Грынь
+375 29 6318569 hryn@anitex.by
|