7 мая 2011 паспяхова прайшоў першы пілотны фестываль, прысвечаны спеўнай культуры Заходняга Палесся.
Арганізатарам удалося зрабіць усё што планавалі. Нечакана для нас саміх да ідэі такіх фолькавых спатканняў усе запрошаныя паставіліся вельмі зацікаўлена і сабраліся ў гэты дзень.
Свята пачалося з гуку пастушага рогу і традыцыйных спеваў на Юр’ю, калі выганялі кароў на выганы. Першымі Юр’еўскую песьню заспявалі дзяўчаты з гуртоў Горынь і Гуда. Далей гаспадыня аграсядзібы
“Палескія традыцыі” звярнулася да прысутных с віншаваннем з нагоды свята, падкрэсліла як важныя тыя людзі, якія дагэтуль трымаюць кроў, дзякуючы каторым турысты сядзібы адчуваюць вясковы смак адпачынку.
Даяркам-суседкам Ніна Главацкая падарыла па дойнаму вядзерцу, фартуху, а іх дзеткам па дудачцы – як будучым пастушкам.
Пасля гэтага пачаліся калейныя выступы палескіх гуртоў з сёл Лытвынкы, Болота, Радостово і мінскіх гасцей – гуртоў Гуда, Горынь, Рада. Часам, усё перамешвалася і людзі не дзяліліся на гледачоў і
выканаўцаў, а песьні, вядомыя ўсім – усімі ж разам і спяваліся. Гучалі рэгіянальныя спевы, абрадныя і лірычныя спевы з іншых раёнаў Беларусі, а таксама ўкраінскія, польскія і рускія песьні,
якія праз сваю прыгажосць і арыгінальнасць ўвайшлі ў народную традыцыю края. Цікавым быў паказ пераемнасці спеўнай традыцыі, калі па чарзе спявалі пакаленні: якім больш за 80 гадоў, потым тым,
каму па 40, па 30 і скончылася ўсё дзеткамі па 7-8 гадоў.
Потым праз юр’еўскі карагод і госці і турысты перайшлі ў танцы… здавалася, што час вярнуўся гадоў на 40 назад: гралі гармонік, скрыпка, дудкі, біў барабан, маладыя пары ў ботах і чаравіках
адбівалі на дошках гарачы рытм полькі, лявоніхі і гапака, спявалі прыпеўкі і мясцовыя вытрындычкы, пажылыя жанчыны, апершыся на кіёчкі назіралі і між сабой абмяркоўвалі танцораў,
як мянькі круціліся дзеці, якім усё было цікава, два пастухі выйшлі на адкрытае месца і ў такт да дуды пачалі стралляць пугамі… а потым усе селі за багаты стол Главацкіх і пачалася
ГОСТЫНА … з малітвы Ойча Наш… потым зноў гучалі спевы, размовы, словы радасці і падзякі… на тварах ўсмешкі і слёзы шчасця ад таго што адбываецца… І як колісь гучала шырокая, як палёт бусла,
палеская песня якую ўжо спявалі не асобны гурт, але людзі – 20, 30, 40 чалавек разам! Старыя і маладыя, у вышываных кашулях мужчыны, жанчыны, дзеці – усе сталі нечым адным на гэты час,
адной справай, адным перажываннем, адной душой, адным народам…
Арганізатары выказваюць вялікую падзяку і нізка кланяюцца да ўсіх удзельнікаў ГОСТЫНЫ, якая была 7 мая ў сяле Андронава, Кобранскага р-на Брэсцкай вобласці і зычаць усім МНОГАЕ ЛЕТА!!!!
Ніна Главацкая, Васіль Грынь
Дорогэ людэ! Сэрдэчно запрошуемэ на нашу сябровску ГОСТЫНУ! Кожному нашому госцю будэ в нас вэсэло і хорошэ! Наготуймэ вс’якых прысмакіў по колышных рэцэпцёх як шчэ нашы старшы жынкы
готовалы. А госты якэ в нас будуць! Прыідуть із сэл Радостово, Лытвынкы, Болота такэ людэ шо шчэ нэ забулы як спуваты по-давнёму, да можэ шчэ дзіўчатэ з мінскіх фольклорніх груп Гуда
і Горынь, якэ таксамо нашы пісні спуваюць тэж прыідуць. О то вжэ і музыканты, гарны хлопцы з гурта Рада, нам таньцы підыграюць!
Ві тэ собі навет ныц нэ зрозумеетэ, шо внас будэ, колы на нашу гуляночку нэ потрапітэ!
Аўтары і арганізатары праекту ГОСТЫНА:
Ніна Главацкая
Васіль Грынь
Кантактная інфармацыя:
8029 2219155 / Ніна Мікіцічна (Кобрын)
8029 6318569 / Васіль (Мінск)
e-mail: hryn@anitex.by
Інфармацыйная падтрымка:
www.folk.by
www.ruralbelarus.by
www.tio.by
http://by-ethno.livejournal.com
12.00 – сустрэча гасцей вясновым абрадам Юр’я
13.00–15.30 – урачыстае адкрыццё фэсту
выступленні народных калектываў з сёлаў: Радастава, Літвінкі, Балата (Брэсц. Вобл.)
выступленні фольк гуртоў з Мінску: Горынь, Гуда, Рада
16.00 – “Палеская гасціна” за сталом Главацкіх: дэгустацыі палескіх прысмакаў і напояў, застольныя традыцыйныя спевы, танцы і гульні
20.00 – каму трэба, можа ехаць
Народныя калектывы з сёлаў:
Радастава, Літвінкі, Балата (Брэсц. Вобл.)
Фольк гурты з Мінску:
Горынь, Гуда, Рада