 |
ВЯЧОРКІ З "РАДАЙ"
19 лістапада ў Палацы дзяцей і моладзі адбыліся “Вячоркі з “РАДАЙ”!
Моладзь, ды й не толькі моладзь, спрактыкаваныя танцоры і проста той,
хто хацеў навучыцца народным беларускім танцам, паслухаць традыцыйныя спевы, патрапілі на сяброўскую вечарыну з лепшымі музыкамі!
У гэты вечар госці атрымалі сапраўдную асалоду: ад “РАДЫ” мы пачулі народныя песні з жывым Палескім характарам, і лірычныя, і жартаўлівыя, і журботныя, але аднолькава прыгожыя і кранальныя.
Ну й як без танцаў на вячорках?
Яны захапілі ўсіх, нават тых, хто прыйшоў упершыню і толькі вучыўся. Верабей, полька-матылёк, вальс, кракавяк, лявоніха і падэспань – вось так сёння выглядае сапраўдная вечарынка. А варыянты “лысага”, “ойры” мы даведаліся праз… танцавальны майстар-клас ад “РАДАўскіх” музыкаў, яны ж навучылі “хлапечаму” гапаку і “абэрку”, дзе паспець за іх спрытам было ой як складана!
Шчыры дзякуй фольк-гурту за захаванне нашых самабытных песень, танцаў, роднага слова, за актыўны ўдзел у такіх вечарынах, якіх (будзем намагацца), пройдзе яшчэ шмат.
Далучайцеся! Будзьце неабыякавымі, як “РАДАўцы”, слухайце родныя беларускія спевы, танчыце нашы танцы, бо ці стануць яны роднымі для нашых дзяцей і ўнукаў, залежыць ад нас.
Аўгінія Быц,
Кіраўнік краязнаўчана клубу “Камяніца” Палаца дзяцей і моладзі.
|