7 мая 2011 паспяхова прайшоў першы пілотны фестываль, прысвечаны спеўнай культуры Заходняга Палесся.
Арганізатарам удалося зрабіць усё што планавалі. Нечакана для нас саміх да ідэі такіх фолькавых спатканняў усе запрошаныя паставіліся вельмі зацікаўлена і сабраліся ў гэты дзень.
Свята пачалося з гуку пастушага рогу і традыцыйных спеваў на Юр’ю, калі выганялі кароў на выганы. Першымі Юр’еўскую песьню заспявалі дзяўчаты з гуртоў Горынь і Гуда. Далей гаспадыня аграсядзібы
“Палескія традыцыі” звярнулася да прысутных с віншаваннем з нагоды свята, падкрэсліла як важныя тыя людзі, якія дагэтуль трымаюць кроў, дзякуючы каторым турысты сядзібы адчуваюць вясковы смак адпачынку.
Даяркам-суседкам Ніна Главацкая падарыла па дойнаму вядзерцу, фартуху, а іх дзеткам па дудачцы – як будучым пастушкам.
Пасля гэтага пачаліся калейныя выступы палескіх гуртоў з сёл Лытвынкы, Болота, Радостово і мінскіх гасцей – гуртоў Гуда, Горынь, Рада. Часам, усё перамешвалася і людзі не дзяліліся на гледачоў і
выканаўцаў, а песьні, вядомыя ўсім – усімі ж разам і спяваліся. Гучалі рэгіянальныя спевы, абрадныя і лірычныя спевы з іншых раёнаў Беларусі, а таксама ўкраінскія, польскія і рускія песьні,
якія праз сваю прыгажосць і арыгінальнасць ўвайшлі ў народную традыцыю края. Цікавым быў паказ пераемнасці спеўнай традыцыі, калі па чарзе спявалі пакаленні: якім больш за 80 гадоў, потым тым,
каму па 40, па 30 і скончылася ўсё дзеткамі па 7-8 гадоў.
Потым праз юр’еўскі карагод і госці і турысты перайшлі ў танцы… здавалася, што час вярнуўся гадоў на 40 назад: гралі гармонік, скрыпка, дудкі, біў барабан, маладыя пары ў ботах і чаравіках
адбівалі на дошках гарачы рытм полькі, лявоніхі і гапака, спявалі прыпеўкі і мясцовыя вытрындычкы, пажылыя жанчыны, апершыся на кіёчкі назіралі і між сабой абмяркоўвалі танцораў,
як мянькі круціліся дзеці, якім усё было цікава, два пастухі выйшлі на адкрытае месца і ў такт да дуды пачалі стралляць пугамі… а потым усе селі за багаты стол Главацкіх і пачалася
ГОСТЫНА … з малітвы Ойча Наш… потым зноў гучалі спевы, размовы, словы радасці і падзякі… на тварах ўсмешкі і слёзы шчасця ад таго што адбываецца… І як колісь гучала шырокая, як палёт бусла,
палеская песня якую ўжо спявалі не асобны гурт, але людзі – 20, 30, 40 чалавек разам! Старыя і маладыя, у вышываных кашулях мужчыны, жанчыны, дзеці – усе сталі нечым адным на гэты час,
адной справай, адным перажываннем, адной душой, адным народам…
Арганізатары выказваюць вялікую падзяку і нізка кланяюцца да ўсіх удзельнікаў ГОСТЫНЫ, якая была 7 мая ў сяле Андронава, Кобранскага р-на Брэсцкай вобласці і зычаць усім МНОГАЕ ЛЕТА!!!!
Ніна Главацкая, Васіль Грынь
Дорогэ людэ! Сэрдэчно запрошуемэ на нашу сябровску ГОСТЫНУ! Кожному нашому госцю будэ в нас вэсэло і хорошэ! Наготуймэ вс’якых прысмакіў по колышных рэцэпцёх як шчэ нашы старшы жынкы
готовалы. А госты якэ в нас будуць! Прыідуть із сэл Радостово, Лытвынкы, Болота такэ людэ шо шчэ нэ забулы як спуваты по-давнёму, да можэ шчэ дзіўчатэ з мінскіх фольклорніх груп Гуда
і Горынь, якэ таксамо нашы пісні спуваюць тэж прыідуць. О то вжэ і музыканты, гарны хлопцы з гурта Рада, нам таньцы підыграюць!
Ві тэ собі навет ныц нэ зрозумеетэ, шо внас будэ, колы на нашу гуляночку нэ потрапітэ!
13.00–15.30 – урачыстае адкрыццё фэсту
выступленні народных калектываў з сёлаў: Радастава, Літвінкі, Балата (Брэсц. Вобл.)
выступленні фольк гуртоў з Мінску: Горынь, Гуда, Рада
16.00 – “Палеская гасціна” за сталом Главацкіх: дэгустацыі палескіх прысмакаў і напояў, застольныя традыцыйныя спевы, танцы і гульні
20.00 – каму трэба, можа ехаць
Народныя калектывы з сёлаў:
Радастава, Літвінкі, Балата (Брэсц. Вобл.)
Фольк гурты з Мінску:
Горынь, Гуда, Рада
11 мая 2011
7 мая 2011 паспяхова прайшоў першы пілотны фестываль, прысвечаны спеўнай культуры Заходняга Палесся.
Арганізатарам удалося зрабіць усё што планавалі. Нечакана для нас саміх да ідэі такіх фолькавых спатканняў усе запрошаныя паставіліся вельмі
зацікаўлена і сабраліся ў гэты дзень.
23 красавіка 2011
Гурт Рада ад усяго сэрца віншуе хрысціянаў Беларусі абодвух абрадаў са светлым святам Уваскрашэння Хрыстова!
Хрыстос уваскрос!
Сапраўды ўваскрос!
22 красавіка 2011
5 красавіка 2011 адбылася этнаграфічная экспедыцыя гурта Рада ў Касцюковіцкі раён Магілёўскай вобласці
Вынікам сталі больш за 4 гадзіны запісаў народных спеваў ад карэнных жыхароў вёсак пасожжа і падняпроўя, і чарнобылькіх перасяленцаў з суседніх раёнаў Магілёўшчыны
Выказваем падзяку аддзелу культуры горада Касцюковічы за арганізацыйную дапамогу! Матэрыялы знаходзяцца ў лічбаванні, копіі будуць перададзеныя ў аддзел культуры Касцюковічаў
14 сакавіка 2011
12 сакавіка 2011 г. адбылася экспедыцыя ў вёску Асавец, Бялыніцкі р-н, Магілёўская вобласць
Запісаныя некалькі яскравых архаічных абрадавых прыкладаў высокай манеры ўнісоннага спеву, тузін вясёлых прыпевак
Зроблена цікавая фіксацыя сольнага танцу на пячной заслонцы пад час полькі і танец “чыбір” на скрыжаванай чапяле і вілках адмысловыя фігурныя скокі пад прыпеўку “а ў полі грэчка расцвітае, а з лесу зайка выбягае, чыбір, чыбір, чыбірда, з лесу зайка выбягае”
Дзякуем жыхарам вёскі Асавец і жыхару вёскі Бараўляны (Мінскі р-н) Васілю Мардачову за дапамогу ў тэхнічнай часткі арганізацыі экспедыцыі на сваю малую радзіму.
8 сакавіка 2011
6 сакавіка 2011 г. адбылася наша другая экспедыцыя ў Кобрынскі раён, Брэсцкай вобласці.
Выказваем падзяку жыхарам сяла Болота за цёплы прыём і багатыя спеўныя скарбы, якія вы нам перадалі!
Адной з сапраўдных знаходак гэтай паездкі былі:
- лірніцкі спеў на 44 (!) куплеты і ўспаміны аб старцах-лірніках
- некалькі чумацкіх песьняў
- фіксацыя ўспаміну аб хутарскіх музыкантах, ля сяла Болота, якія крамя іншага гралі “на такых доўгых трубах як о та хата, да вдвох, аш на ўсі хуторы чуваты – так гучно – о то як оны гралы!” Па апісанню трубы падобныя да карпацкіх трэмбітаў. Пошукі будуць працягнутыя
Асабліва дзякуем за дапамогу ў арганізацыі экспедыцыі Ніну Мікіцічну Главацкую